«КЛЕ́ТКА МА́ЛПЫ»
(«Affenkäfid»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць 4-й Бел. партыз. брыгады і цывільнага насельніцтва ў Гарадоцкім і Мехаўскім р-нах Віцебскай вобл. і часткова Невельскім р-не Расіі ў Вял. Айч. вайну ў ліст. 1942. Праводзілася сіламі 12-й танк. дывізіі, батальёна з ахоўнай дывізіі і паліцэйскімі з мясц. гарнізонаў. Партызаны, манеўруючы ў лясіста-балоцістай мясцовасці, пазбягалі адкрытых сутыкненняў з ворагам і замацаваліся ў цяжкадаступным для праціўніка лясным масіве. Не дасягнуўшы намечанай мэты, гітлераўцы расстралялі больш за 1200 чал., пераважна старых, жанчын з малалетнімі дзецьмі, разрабавалі і знішчылі 58 вёсак, з якіх пасля вайны не аднавіліся Ахрамеева, Вусце, Гумнічына, Казлы, Падранда, Петрачыха, Рудзіха, Сямёнава, Янава Гарадоцкага р-на. У справаздачы ворага аб пазнейшай карнай аперацыі «Зімовы лес» адзначана, што знайсці жывёлу і прадукты харчавання 286-я ахоўная дывізія не змагла з-за амаль поўнасцю разбураных вёсак у Гарадоцкім р-не ў выніку праведзенай аперацыі «К.м.».
т. 8, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)